Мікола Шэляговіч – чалавек, які стаў скандальна вядомым у 1990-я, дзякуючы сваёй дзейнасьці па “збудінні” (абуджэньні) дрымучай паляшуцкай сьвядомасьці і недвухсэнсоўным намёкам на палескую аўтаномію. Кажуць, гуру такога маштабу маглі існаваць толькі тады, на хвалі перабудовы, а пасьля – на хвалі Адраджэньня. Нібы пацьвярджаючы гэтыя словы, Шэляговіч год дзесяць таму выпарыўся зь беларускай мэдыйнай прасторы. Нам удалося датэлефанавацца да яго ў Маскву. Каб пачуць літаральна наступнае: “Я являюсь гражданином России, мой бизнес – здесь, я ничем не могу вам помочь, так как не разбираюсь в диалектах русского языка – ни в полесском, ни в белорусском”. Такім чынам, перад намі стаялі дзьве задачы: 1) знайсьці актывістаў-палешукоў найноўшага пакаленьня; 2) пастарацца ня здаць ім “адрокшагася” куміра...
...Ян Данілюк нарадзіўся ў Янаве-Палескім і вывучае гісторыю антычнасьці на ІІІ курсе гістфаку. Сустрэўшыся ў кавярні ў трох кроках ад цэнтралізаванай беларускай улады, мы зь ім перацерлі суфіксы заходнепалескай мове і пералічылі на пальцах прыхільнікаў аўтаноміі Палесься.